«НО́ВЫ РАМА́Н»,

«неараман», «антыраман», разнавіднасць франц. мадэрнісцкай прозы 1950—70-х г. Характарызуецца адмаўленнем традыцый франц. рэаліст. рамана 19—20 ст., яго маст. тэхнікі, традыц. манеры апавядання, сюжэта, устойлівых характараў і непаўторных лёсаў герояў. Ідэі «неараманістаў» пераклікаліся з філасофіяй «смерці чалавека» культуролага М.​Фуко. Прадстаўнікі «Н.р.» (Н.​Сарот, А.​Роб-Грые, М.​Бютор, К.​Сімон, К.​Марыяк і інш.) лічылі ўстарэлым і неактуальным само паняцце асобы і трактоўку яе ў л-ры і культуры. Акцэнт рабіўся на ўнутр. дыялагічную стыхію несвядомага і падсвядомага («магма падсвядомага» Сарот), на падкрэслена бясстраснае апісанне прадметаў знешняга свету («рэчавізм» Роб-Грые), на мазаіцы думак, успрыняццяў, якія складваліся ў «міфалагему» пэўнай цывілізацыі (поліфанічныя тэксты Бютора). «Неараманісты» спрабавалі выпрацаваць новую тэхніку і структуру бясфабульнага і безгеройнага апавядання, проціпастаўлялі пазнавальныя здольнасці мастацтва і яго каштоўнасна-сэнсавую накіраванасць, што заводзіла прозу ў тупік самагоднай пісьменніцкай тэхналогіі.

Літ.:

Еремеев Л.Н. Французский «новый роман». Киев, 1974;

Андреев Л.Г. Современная литература Франции, 60-е гг. М., 1977.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)